Аказваецца, 22 жніўня па Горацкім раёне прайшоў навальнічны фронт, які пашкодзіў дахі будынкаў. МНС паведамляе, што хуткасць ветру, які нечакана абрынуўся на Горацкі раён, дасягала 22 метраў за секунду.
У выніку такой непагадзі пацярпеў прыватны дом у вёсцы Гошч-Чарны на поўдзень ад саміх Горак. У ім было сарвана 6 лістоў шыфера.
Яшчэ больш пацярпела гаспадарка "Племзавод Леніно" на поўначы раёна. У будынку ў якім утрымліваліся 320 галоў быдла, дах практычна размятала. Зводка ратавальнікаў гаворыць, што сарвала 550 квадратных метраў даху і 250 квадратных метраў светлавога ліхтара. На шчасце, ні каровы, ні людзі не пацярпелі. Цікава, што ў суседніх Аршанскім і Дубровенскім раёнах людзі нават не заўважылі гэтага ветру.