Увагу супрацоўнікаў АДАІ Лёзненскага РАУС прыцягнуў матацыкл, які выязджае з дваровай тэрыторыі без рэгістрацыйных знакаў на ім, паведамляе міліцэйская зводка. Інспектары падалі сігнал аб спыненні транспартнага сродку, але кіроўца матацыкла не спыніўся і працягнуў рух. Падчас пераследу супрацоўнікі неаднаразова падавалі сігнал аб спыненні, але матацыкліст праігнараваў гэтае патрабаванне і схаваўся ў дварах дамоў.
Устаноўлена, што матацыклам кіраваў 15-гадовы мясцовы жыхар. Скарыстаўшыся адсутнасцю бацькоў, падлетак вырашыў пакатацца на матацыкле «Мінск», які належыць ягонаму бацьку.
«У дзеяннях юнага матагоншчыка ўгледжваецца шэраг адміністрацыйных правапарушэнняў. Але з прычыны таго, што непаўналетні не дасягнуў узросту прыцягнення да адказнасці, панясуць пакаранне ягоныя бацькі. У дачыненні да аднаго з бацькоў складзены адміністрацыйны пратакол за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей», — гаворыцца ў зводцы.