Часам даводзіцца шмат чытаць пра нейкія падзеі тэкстам і думаць, што відэасведчанняў не захавалася. Аднак ютуб-канал «Беларускі архіў» напярэдадні апублікаваў вялікі рэпартаж «Студыі БМ» 1994 году пра адзначэнне ўгодкаў Аршанскае бітвы. У матэрыяле — перадгісторыя, з апісаннем падзей 1514 году; словы расчуленага беларускага вайскоўцаў, які ў час адказу на пытанне журналісткі пераходзіць на родную мову і кажа, што пачаў адчуваць гонар, што ў гісторыі Беларусі былі такія славутыя вайскаводы як Канстанцін Астрожскі; выступ на Крапівенскім полі дэмакратычнага нацыянальнага лідэра Зянона Пазьняка; шэсце беларусаў пад сцягамі і харугвамі з аршанскага гарадзішча; гісторыя Крапівенскай царквы.
Разам з радаснымі кадрамі, што перадаюць атмасферу тых гадоў і абуджэнне нацыі, яе чынны ўдзел у другім беларускім Адраджэнні, ёсць і кадры вялікай міліцэйскай прысутнасці на святкаваннях у Менску. У 1993-м Вячаслаў Кебіч баяўся рэакцыі на свята з Масквы, не адчуваючы ніякай гістарычнай памяці, а 8 верасня 1994 пры ўладзе быў ужо першы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які яшчэ да выбараў быў радыкальна прамаскоўскім і нервова рэагаваў на любыя нацыянальныя праявы.
Відэа надзвычайнай важнасці. Яно паказвае, што народ абудзіўся і паказвае, наколькі важным для беларусаў было адсвяткаваць Дзень Беларускай вайсковай славы.