Падзеі мелі месца пад Лёзнам 26 лістапада. У вёсцы Шахі яе жыхарка паведаміла ў міліцыю, што на яе накінуўся ўласны сабака пароды алабай. Супрацоўнікі лясгасу, якія прыбылі на месца, забілі жывёлу, а затым накіравалі ў раённую ветэрынарную станцыю для правядзення праверкі на наяўнасць шаленства. Аднак яно не пацвердзілася.
У міліцыі падзяліліся з lioznonews.by інфармацыяй, што сабаку забілі супрацоўнікі мясцовага лясгасу.
У неафіцыйным тэлеграм-канале МУС дадалі, што сабака яшчэ з лета паказваў агрэсію ў дачыненні да сваёй 76-гадовай гаспадыні. Жанчына так-сяк спраўлялася з гадаванцам, пакуль 26 лістапада алабай не напаў на яе і некалькі разоў не ўкусіў. Пасля гэтага сабака працягваў заставацца агрэсіўным.
Гэта ўжо не першы выпадак, калі сабакі гэтай пароды нападаюць на людзей. Летась у аграгарадку Кавалі Бабруйскага раёну алабай на прывязі загрыз жанчыну, якая жыла праз некалькі дамоў ад падворка.
Падобная трагедыя адбылася ў 2022 годзе з 66-гадовай жанчынай у Ветцы, яшчэ адна — з 49-гадовым мужчынам у 2021 годзе ў Сталовічах.