У 2023 годзе прадпрыемства ў Горках перапрацоўвала грачыху, пасля чаго гатовую прадукцыю меркавалася прадаваць непасрэдна пакупнікам. Аднак тыя аддавалі перавагу фасаванай прадукцыі іншых вытворцаў. У выніку на складзе КУП «Горацкі элеватар» назапасілася 166 тон 531 кг грэчневай крупы-ядрыцы ў мяхах па 50 кг.
У 2024 годзе перапрацоўку грачыхі спынілі. Але паўстала пытанне: куды падзець нерэалізаваныя крупы, у якіх сканчваецца тэрмін прыдатнасці да ўжывання? Горацкі райвыканкам прапанаваў, каб грэчку загадалі набыць сельгаспрадпрыемствам Магілёўшчыны – для арганізацыі харчавання работнікаў, а таксама ў кошт заробкаў.
Магілёўскі аблвыканкам падтрымаў гэтую прапанову, і крупы такім чынам часткова удалося размеркаваць. Але ў КУП «Горацкі элеватар» усё яшчэ заставалася нерэалізаваная прадукцыя з ужо мінімальным – менш за месяц – тэрмінам прыдатнасці. Кіраўніцтва прадпрыемства зноў звярнулася да раённых уладаў з просьбай пасадзейнічаць рэалізацыі грэчкі мясцовым сельгасарганізацыям. У тым ліку для выдачы круп у кошт заробкаў працаўнікам. Бо звароты наўпрост да сельскагаспадарчых арганізацый плёну не далі: усе яны адмаўляліся купляць у КУП «Горацкі элеватар» практычна пратэрмінаваную прадукцыю.