Для пачатаку нагадаем папярэдні кантэкст. У 2015-2016 гадах Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў быў самым паспяховым харчовым прадпрыемствам рэгіёна. Міністэрства фінансаў ацэньвала яго чысты гадавы прыбытак прыблізна ў мільён даляраў па курсе таго часу. Але потым улады вырашылі "усіх падзяліць". У Оршы быў створаны гандлёвы дом "Оріс", які аб'яднаў некалькі стратных харчовых прадпрыемстваў вакол паспяховага КХП. У выніку справы на элеватары пачалі пагаршацца, а "далучаныя" прадпрыемствы так і не вырашылі свае праблемы. Сам жа "Оріс" праіснаваў усяго 1,5 гады і быў ліквідаваны.
У 2022 годзе элеватар спрацаваў ужо ў чысты мінус. У 2023 годзе чысты даход атрымаўся трохі мень шчым 2,5 тысячы даляраў і тое не за кошт асноўнай дзейнасці, а за кошт "іншых даходаў", магчым, што пад гэтым хаваецца арэнда ці нешта падобнае.
Хаця дзякуючы ліквідацыі "Оріс" ад элеватара сыйшлі многія "нахлебнікі", але ў прадпрыемства яшчэ застаецца два сельскагаспадарчых філіялы, якія маюць запазычанасці перад падатковай інспекцыяй. То бок, таксама цягнуць прадпрыемства ў страты.
У выніку, каб прыцягнуць дадатковыя сродкі, у кастрычніку і лістападзе прадпрыемства двойчы выпусціла дадатковыя акцыі, фармальны статус КХП - адкрытае акцыянернае таварыства. У абодвух выпадках акцыі выпускаліся на суму трохі большую за 70 мільёнаў рублёў. У Беларусі няма паўнавартаснага рынку акцыяў, каб адсачыць наколькі новыя акцыяі будуць запатрабаваныя. Але, відавочна, што новыя акцыі абсяцэняць ранейшыя, якія і так каштуюць (па стане на 2023 год) усяго па 15 капеек за штуку.