Гэтая абсалютна дзікая гісторыя адбылася ў ліпені мінулага года ў Талачынскім раёне. 47-гадовы мужчына на ўласным Renault прыехаў у госці да свайго 61-гадовага знаёмага. За сустрэчу выпілі, прычым настолькі добра, што старэйшы прыяцель паваліўся на двары і заснуў. А ягоны сябрук, спадзеючыся, што ўжыты алкаголь не перашкодзіць кіраваць транспартным сродкам, сабраўся дахаты. І, рухаючыся заднім ходам, пераехаў спячага чалавека, нават гэтага не заўважыўшы.
Выехаўшы з двара, нецвярозы кіроўца вярнуўся, каб развітацца з гаспадаром. І толькі тады зразумеў, што здарылася. Ягонага сябра тэрмінова даставілі ў бальніцу, але ўратаваць мужчыну не ўдалося.
Вінаватаму было інкрымінавана парушэнне правілаў дарожнага руху ў стане алкагольнага ап’янення, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека.
Суд Талачынскага раёна на падставе ч.4 арт.317 Крымінальнага Кодэкса асудзіў мужчыну да пазбаўлення волі на 6 гадоў ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасяленняю І пазбавіў права займацца дзейнасцю, звязанай з упраўленнем транспартнымі сродкамі на 8 гадоў.
Асуджанаму гэты вырак падаўся занадта строгім, і ён вырашыў аспрэчыць прысуд. Але Віцебскі абласны суд пакінуў яго ў сіле.
Дарэчы, у Беларусі ёсць тры калоніі -пасяленні. Адна з іх знаходзіцца ў Горках, і менавіта туды накіроўваюць адбываць пакаранні тых, хто здзейсніў злачынства на аўтамабілі. Умовы там лягчэйшыя, чым у калоніі звычайнай: асуджаныя жывуць у будынку пад аховай, могуць перасоўвацца па-за тэрыторыяй, але пад канвоем, ім дазволена мець грошы і мабільны тэлефон.