Гандлёвая пляцоўка “Куфар” вельмі папулярная ў беларусаў: тут можна як набыць нешта вартае, так і прадаць рэчы, якія сталі непатрэбнымі. Жыхарка Талачынскага раёна вырашыла прадаць ложак. Пакупнік знайшоўся хутка, але сказаў, што асабіста тавар забраць не зможа і таму прапанаваў аформіць дастаўку - такая паслуга на “Куфары” насамрэч існуе. Жанчына нешта недзе пра гэта чула, але ўдакладняць дэталі не стала - даверылася пакупніку.
Той даслаў ўладальніцы ложка спасылку, дзе трэба было запоўніць форму з уласнымі банкаўскімі звесткамі. У выніку ложак так і застаўся непрададзены, затое з банкаўскай карты жанчыны зніклі 2 000 рублёў.
Махляры, адчуўшы лёгкую перамогу, вырашылі выкарыстаць тую ж схему яшчэ раз. Яны зноў звязаліся з аўтаркай аб’явы пра продаж ложка і сказалі, што адбыўся збой і плацеж на гэтую банкаўскую карту “не праходзіць”. Жанчыне прапанавалі яшчэ раз перайсці па спасылцы і запоўніць форму, пазначыўшы дадзеныя іншай банкаўскай карткі. Аднак яна ўжо заўважыла страту грошай і звярнулася ў міліцыю.
Там патлумачылі, што дастаўку на “Куфары” сапраўды можна замовіць, але гэта робіцца непасрэдна праз сайт гандлёвый пляцоўкі. А запаўненне форм па спасылках - гэта методыка махляроў, якія выкарыстоўваюць банкаўскую інфармацыю для крадзяжоў грашовых сродкаў з картак даверлівых грамадзян.