Пра пажар, які здарыўся на Лёзненшчыне яшчэ 9 сакавіка , у зводках МНС было згадана літаральна ў трох словах: “знішчана 1 адзінка тэхнікі”. Цяпер сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці.
Гаспадар мікрааўтобуса, жыхар аграгарадка Веляшковічы, прыблізна ў 5.20 раніцы вярнуўся з чарговай паездкі. Пусты мікрааўтобус, як заўсёды, ён прпаркаваў каля дома. І ўжо праз 20 хвілін дзяжурная служба РАУС атрымала паведамленне, што транспартны сродак загарэўся.
Калі міліцыянты і пажарныя прыбылі на месца здарэння, мікрааўтобус згарэў практычна цалкам. Прычынай пажара, на думку спецыялістаў, стала няспраўнасць электраправодкі.
Прычына гэтая дастаткова распаўсюджаная. Як, на жаль, і ўзгаранні транспартных сродкаў. З пачатку гэтага года на тэрыторыі Віцебскай вобласці зафіквавана ўжо каля 15-ці падобных выпадкаў.
Каб пазбегнуць такіх здарэнняў, супрацоўнікі МНС раяць сваечасова праходзіць тэхагляды, пільна сачыць за станам газавага абсталявання, калі яно ёсць у аўто. Ніколі не ігнараваць выпадкаў, калі ў машыне часта перагараюць лямпачкі або засцерагальнікі - гэта можа быць наступствам кароткага замыкання, якое можа прывесці да пажару.