Падзеі разгортваліся наступным чынам: у пачатку лютага глава сям’і прыйшоў дадому нападпітку і вырашыў, што жонка недастаткова радуецца ягонаму з’яўленню. «Правучыць» жынчыну ён вырашыў кулакамі. Суседзі, пачуўшы крыкі, выклікалі міліцыю.
Супрацоўнікі РАУС, прыехаўшы на месца скандалу, параілі жонцы напісаць заяву. Самі ж склалі пратакол за нанясенне цялесных пашкоджанняў. Такім чынам, супраць мужа-дэбашыра была распачатая адміністрацыйная справа.
Але назаўтра жанчына прыйшла ў міліцыю і напісала яшчэ адну заяву — каб мужа не каралі. Маўляў, справа сямейная, ва ўсім самі разабраліся. Аднак спыніць справу не пагадзілася пракуратура Лёзненскага раёна. Больш за тое: настаяла, каб супраць крыўдзіцеля выставілі не адміністрацыйнае, а крымінальнае абвінавачанне па арт. 153 КК РБ ( свядомае прычыненне цялесных пашкоджанняў). А вытворчасць па падобных справах на жаданне пацярпелага боку спыніць ужо нельга. Цяпер хатняму агрэсару пагражаюць прымусовыя грамадскія працы або штраф, або арышт.
Выпадкі падобных сямейных скандалаў, на жаль, не рэдкасць. Не рэдкасць таксама, калі ахвяры даруюць агрэсарам усе сінякі і драпіны. А вось умяшальніцтва пракуратуры — гэта ўжо з’ява даволі нетрадыцыйная. Магчыма, паўплывала тое, што якраз з 10 па 16 сакавіка ў Беларусі праводзілася акцыя «Дом без гвалту», накіраваная на прафілактыку хатніх «разборак».