Уначы з 20 на 21 сакавіка ў вёсцы Шалаханаўка Горацкага раёна загарэўся жылы дом. Чалавечых ахвяр няма, але ўсё скончылася далёка не хэпіэндам.
Ратавальнікаў выклікалі суседзі, калі ўбачылі пажар у акно. А праз нейкі час да іх пастукаўся і сусед з палаючага дома. Ён распавёў, што захацеў запаліць цыгарэту, уключыў газ, прыпаліў цыгарэту ад агню газавай гарэлкі і выйшаў на двор. Газ застаўся не выключаным, і гэта стала прычынай пажару. Убачыўшы полымя, мужчына пабег да суседзяў па дапамогу — сам патэлефанаваць у службу 112 ён не мог, бо яго мабільны тэлефон застаўся дома.
Непасрэдную прычыну ўзгарання ўстанаўліваюць спецыялісты. Агнём знішчаны дах дома, перакрыцці і маёмасць унутры, пашкоджаны сцены дома.
Гаспадыня дома ў момант пажару знаходзілася ў бальніцы, жытло заставалася пад апекай сына, які пражываў разам з ёй. Цяпер прытулак страцілі абодва.
На жаль, у зводках МНС здарэнні ў Горацкім раёне фігуруюць даволі часта. У апошнія суткі там быў зафіксаваны лясны пажар на тэрыторыі амаль 3 га. У якасці папярэдняй прычыны спецыялісты называюць падпал.