Увечары 24 сакавіка ў службу МНС патэлефанавалі жыхары пяціпавярховага жылога дома на вуліцы Паштовай. Яны паведамілі пра пажар у падвале будынка.
Ад іх жа ратавальнікі даведаліся, што ў падвале можа знаходзіцца чалавек без пэўнага месца жыхарства. Супрацоўнікі МНС спусціліся ў падвальнае памяшканне і знайшлі абгарэлага мужчыну ў непрытомным стане. Яго перадалі медыкам хуткай дапамогі, аднак праз 4 гадзіны ён памёр ва ўстанове аховы здароўя. Асоба загінулага высвятляецца.
Ахвярай пажару стаў толькі ён, бо ўзгаранне не было маштабным. Агонь пашкодзіў толькі ўцяпляльнік трубы ацяплення. Эвакуацыя жыхароў дома не праводзілася.
Паводле папярэдніх высноваў, пажар адбыўся з-за неасцярожнасці пры курэнні.
За мінулыя суткі ў Магілёўскай вобласці адбыліся 7 пажараў, у тым ліку ў Горацкім і Круглянскім раёнах. Загінуў адзін чалавек - у Шклове.