Чарговы справаздачна-выбарчы з'езд Партыі БНФ, які адбыўся ў Менску ў мінулую суботу, сярод многіх рашэнняў і заяў, зацвердзіў таксама і змены, якія былі ўнесеныя ў Праграму партыі. Адным з такіх праграмных новаўвядзенняў стаў пункт аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі:
“Смяротнае пакаранне павіннае быць скасаванае, як несумяшчальны з сучаснай прававой сістэмай еўрапэйскай краіны від пакарання, які мае незваротны характар і ў выпадку судовай памылкі не можа быць выпраўлены. Скасаванне смяротнага пакарання – неабходная ўмова для паўнавартаснага далучэння Беларусі да Рады Еўропы”.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што “калі Беларусь хоча інтэгравацца ў міжнародныя еўрапейскія структуры, калі Беларусь хоча арыентавацца на каштоўнасныя стандарты ў галіне правоў чалавека – смяротнае пакаранне неабходна адмяніць. І цяпер гэта ёсць у нашай партыйнай праграме. Працуючы дзеля прапаганды нашых праграмных каштоўнасцяў, прапагандаваць новы пункт аб адмене смяротнага пакарання мы будзем таксама дастаткова інтэнсіўна і паслядоўна”.
Разважаючы пра адмену смяротнага пакарання, сябра Сойму Партыі БНФ Юры Чавусаў адзначае сімвалічнасць прыняцця рашэння аб унясенні гэтага пытання у праграму БНФ з’ездам партыі, які адбываўся напрыканцы абвешчанага беларускімі праваабаронцамі Тыдня супраць смяротнага пакарання:
“Нягледзечы на тую акалічнасць, што гэты пункт быў ўнесены з ініцыятывы партыйнага кіраўніцтва, ён не сустрэў ніякіх пярэчанняў у дэлегатаў з’езду, гэтыя змены былі падтрыманыя адзінагалосна. Пры гэтым, – адзначае Юры Чавусаў, – мы кіраваліся адразу некалькімі матывамі. Найперш, памяталі, што адмена смяротнай кары – неабходная ўмова для далучэння Беларусі да Савета Еўропы, арганізацыі якая сімвалізуе гуманітарнае адзінства еўрапейскага кантыненту. А яшчэ тым, што гэтая прапанова была ўнесеная разам з палажэннямі, датычнымі іншых аспектаў правоў чалавека, найперш рознага віду дыскрымінацыі. Тут можна заўважыць два аспекты: геапалітычны – сведчанне еўрапейскага выбару партыяй і праваабарончы аспект.
Але пункт аб адмене смяротнага пакарання не выпадковы ў палітычнай платформе партыі БНФ. Яшчэ кандыдат ад нашай партыі на так званых прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Рыгор Костусеў выступаў за адмену смяротнага пакарання, і падпісаў пры гэтым агульную петыцыю за яго адмену. І вось гэта цяпер замацавана на ўзроўні партыйнай праграмы. Гэта важна яшчэ і дзеля таго, каб пазіцыя партыі была яснай і ўстойлівай, бо яшчэ не сыйшло з памяці непаразуменне, калі лідар кампаніі “Гавары Праўду” Уладзімір Някляеў выступіў супраць смяротнага пакарання, а ягоны намеснік спадар Дзмітрыеў выступіў за смяротнае пакаранне. А вось калі ў арганізацыі ёсць дакументальна зацверджаная адзінадушная пазіцыя на гэты конт, яна не дазваляе вось такім розначытанням адбывацца.
Юры Чавусаў перакананы, што такая пазіцыя для партыі выйгрышная:
“Любая цвёрдая пазіцыя – выйгрышная. Гэта нейкая ідэалагічнае апірышча, ад якога можна будаваць сваю працу на выбарах, працу з насельніцтвам. Ёсць розныя сацыялагічныя звесткі наконт таго, ці большасць грамадства выступае за смяротнае пакаранне, ці меншасць. Але відавочна, што колькасць прыхільнікаў скасавання смяротнага пакарання няўхільна павялічваецца. Гэта сведчыць аб тым, што пазіцыя партыі БНФ на перспектыву безумоўна выйгрышная.
Калі ў Беларусі будзе вольная дэмакратычная дзяржава і будзе вольны абмен думкамі, тады дыскусія пра скасаванне смяротнага пакарання выйдзе за межы такога вузкага праваабарончага кола, стане сапраўды шырокай, то безумоўна, наяўнасць такой выразнай пазіцыі будзе працаваць толькі на карысць партыі”.
Паводле ПЦ "Вясна"