Юрыдычных падставаў для адмовы ў праве правесці пікетаванне па актуальнай праблеме супрацоўнікі выканкаму не знайшлі. Але каб не дапусціць магчымасці выказацца, учынілі традыцыйную "карусель", якую ўжо не рэдка практыкавалі ў Оршы. "Карусель" атрымалася наступная: выканкам у лісце не забараніў пікет, але і не пагадзіўся даць дазвол на яго правядзенне пакуль не будзе дамовы на абслугоўванне мерапрыемства міліцыяй. Міліцыя са свайго боку, таксама не супраць падпісаць дамову на абслугоўванне мерапрыемства, але пры ўмове што выканкам дасць пісьмовы дазвол на правядзенне пікета.
Асобнай увагі заслугоўваюць даты ў якія былі напісаныя і адпраўленыя адказы па пікету ад чыноўнікаў. Пікет быў запланаваны на 30 кастрычніка, адпаведна закону, адказы на яго правядзенне павінны быць дасланыя арганізатарам не пазней як за 5 дзён да мерапрыемства - у дадзеным выпадку не пазней за 25 кастрычніка. Ліст з адказам выканкаму падпісаны 27-м кастрычнікам, адпраўлены на пошту, адпаведна штампу, - 28 чысла. На рукі ліст з адказам ініцыятары атрымалі менавіта 30 чысла - у той дзень, калі павінен быў праходзіць пікет. Адказ з міліцыі падпісаны 24 чыслом, але на пошце гэты адказ, паводле штампу, апынуўся 30 кастрычніка - у дзень пікету.
Адпаведна, пікет так і не прайшоў. Цяпер ініцыятары грамадскага абмеркавання праблемы аварыйнага маста збіраюцца падаваць у суд у сувязі з адмовай.