Першым слова ўзяў адзін з арганізатараў праграмы "Народны журналіст" Вінцук Вячорка. Ён растлумачыў прычыну візіта экспертаў праграмы ў Оршу: аршанскі краязнаўца, пастаянны блогер нашага сайту Віталь Паўлаў быў самым актыўным аўтарам "Народнага журналіста" з Оршы, прычым, па меркаванні Вячоркі, кожны артыкул Паўлава прадстаўлены на конкурс мог бы быць пачаткам новай грамадскай кампаніі. Вось пра такія кампаніі і прыехалі паразмаўляць Вінцук Вячорка і Ірына Лаўроўская.
Ірына Лаўроўская распавядала пра кампаніі па абароне помнікаў на канкурэтных прыкладах - кампаніі у абарону старога Брэста і дзейнасці Еўрапейскага інстытута урбаністыкі, створанага ў Варшаве па ініцыятыве Лаўроўскай. Абодва эксперты адзначалі, што пры абароне помнікаў грамадскія актывісты не рэдка заўважаюць карупцыйныя схемы, бо архітэктурныя помнікі часцей за ўсё знаходзяцца ў цэнтры гарадоў, дзе зямля больш дарагая і таму чыноўнікі "не заўважаюць", што не выконваецца закон пра абарону гісторыка культурнай спадчыны.
Вінцук Вячорка свой выступ прысвяціў пытанню ўшанаванню беларускіх дзеячоў як у выглядзе помнікаў, так і ў тапаніміцы. У будучым эксперты праграмы "Народны журналіст" яшчэ не раз наведаюць наш горад. У прыватнасці, адна з сустрэчаў можа адбыцца на тэму гістарычнай тапанімікі з удзелам экспертаў тапанімістаў з іншых гарадоў краіны.