Глыбокі атлантычны цыклон, перамяшчаючыся са Скандынавіі праз раён Санкт-Пецярбурга на Яраслаўскую вобласць, уцягнуў у сваю сферу ўплыву і Аршаншчыну. Ноччу і днём 2 снежня ў нашым раёне адзначаўся моцны парывісты вецер да 20 метраў у секунду.
Як паведаміла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у Аршанскім раёне пашкоджана 1 лінія электраперадач, мела месца выключэнне двух трансфарматарных падстанцый, абясточаны адзін населены пункт. Праўда, варта мець на ўвазе, што гэтая зводка складалася яшчэ да таго, як назіраліся самыя моцныя парывы ветру, і такім чынам пералік разбурэнняў цалкам можа ўзрасці.
На жаль, прагнозы сусветных метэаралагічных цэнтраў паказваюць, што сённяшнім днём стыхія не абмяжуецца. 6-7 снежня варта чакаць яшчэ больш глыбокі цыклон, цэнтр якога будзе праходзіць паблізу паўночнай мяжы Беларусі. А гэта значыць, што сіла ветру ў гэтыя дні можа апынуцца вышэй, чым сёння.
Па меры ўдакладнення сітуацыі наш сайт будзе загадзя інфармаваць аршанцаў аб надыходзячай непагадзі.