Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага адна з актыўнейшых арганізацый беларускай дыяспары ў свеце. Актыўнасць не выпадковая - беларусы масава засялялі Сібір у розныя часы. Першыя беларусы ў сёняшняй Іркуцкай вобласці масава з'явіліся пасля паўстання Каліноўскага - гэта былі рэпрэсаваныя паўстанцы і тыя хто ім дапамагаў. Другая масавая хваля перасялення - час Сталыпінскіх рэформаў, калі ў пошуках лепшай долі і свабоднай зямлі ў Сібір паехалі сяляне. Сталінскія рэпрэсіі і савецкія будаўніцтвы таксама павялічылі колькасць нашых землякоў у далёкай Сібіры. У выніку усіх працэсаў, у Прыбайкаллі з'явілася больш за сотню беларускіх вёсак. Сёння 0,33% насельніцтва Іркуцкай вобласці называюць сябе беларусамі. Таварыства беларускай культуры існуе больш за 13 год і налічвае 11 аддзяленняў. Арганізацыю ўзначальвае Алег Рудакоў. За сваю актыўную дзейнасць Алег прэзідэнтам Беларусі быў уганараваны медалём Францыска скарыны.
30 ліпеня Алег Рудакоў разам з кіраўнічкай вакальнага ансамбля "Крывічы" наведаюць Оршу і правядуць сустрэчу на якой распавядуць пра тое як жывуць беларусы амаль за 6.000 кіламетраў ад самой Беларусі. Сустрэча пройдзе па адрасе вул. Чырвонаармейская д. 13. Пачатак а 18-00, уваход свабодны.
Мерапрыемства пройдзе ў рамках кампаніі "Мы аршанцы - мы беларусы", пры падтрымцы кампаніі "Беларускі сад"