Як мы ўжо паведамлялі, грамадскія актывісты Ю.Нагорны і А.Шутаў падалі заяўку на правядзенне пікету 12 снежня ў парку льнокамбіната ў абарону парку "Чаромушкі" ад высечкі дрэў. Там зараз вядзецца будаўніцтва шматпавярховага дома . Днямі прыйшоў адказ з райвыканкама. Правядзенне пікету забаронена. Прычына - заяўнікі не прадставілі ў выканкам дамовы на ахову, медыцынскае абслугоўванне і вываз смецця. Пракаментаваць гэтую сітуацыю мы папрасілі аднаго з аўтараў заяўкі Аляксандра Шутава:
- Пачынаючы з 2004 года ў Оршы немагчыма па законе ні адзін пікет. Уся справа ў тым, што аршанскія чыноўнікі ўсталявалі такі парадак іх правядзення, які немагчыма выканаць. Так, на пікеце з двух чалавек неабходна, каб дзяжурыла брыгада хуткай дапамогі (а раптам пікетоўцам стане дрэнна ) , нарад міліцыі (а раптам пачнуцца якія-небудзь супрацьпраўныя дзеянні ) і група дворнікаў (для ўборкі незразумела якога смецця ад пікету) . Увогуле, не пікет, а нейкі дурдом на выездзе. З усімі гэтымі службамі выканкам патрабуе заключыць дамовы загадзя, што каштуе немалых грошай. І пасля таго , як вы гэтыя дамовы заключыце, вам усё роўна могуць адмовіць у дазволе пікету.
Але галоўны фокус нават не ў гэтым. Райвыканкам патрабуе, каб дамовы з міліцыяй, лекарамі, дворнікамі былі заключаны загадзя, а самі гэтыя службы згаджаюцца заключыць такія дамовы толькі пасля згоды выканкама. І ніхто не саступае. Гэта схема класічнай "разводкі" , зроблена так спецыяльна, каб выканаць усе патрабаванні было немагчыма. І ўсе заяўкі сканчаюцца прагназуемай адмовай па фармальных прычынах. І яшчэ . Месцамі для правядзення пікетаў выканкам абраў самыя бязлюдныя зоны ў нашым горадзе. Парк у раёне льнокамбіната на беразе Дняпра і парк каля Кургана Славы.
І напрыканцы, мне здаецца , калі чыноўнікі забараняюць пікет у абарону дрэваў, значыць адчуваюць сваю віну і імкнуцца забаронамі здушыць грамадскую актыўнасць ў гэтым пытанні.