Адстаўка пакрыта завесай абсалютнай сакрэтнасці. Пра яе не было ніякіх афіцыйных паведамленняў . Як нам удалося высветліць, у мінулы панядзелак супрацоўнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Аршанскага райвыканкама паведамілі, што іх ранейшы начальнік Андрэй Канстанцінаў на пасадзе больш не працуе. Следам прозвішча Канстанцінава знікла і з афіцыйнага сайта райвыканкама. Прычын сыходу чыноўніка ніхто не называе, па горадзе паўзуць розныя чуткі.
Андрэй Канстанцінаў да аб'яднання Оршы і Аршанскага раёна працаваў першым намеснікам старшыні райвыканкама. Што дзіўна, адначасова ён з'яўляўся ( і з'яўляецца да гэтага часу) намеснікам старшыні раённага Савета дэпутатаў. Абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі замест яго ў цяперашні час выконвае іншы намеснік старшыні райвыканкама Алена Студзянцова .