Аршанскія ультрас праехалі ўсю Беларусь, каб паглядзець матч любімай каманды на выездзе. Аднак не ўсім удалося патрапіць на стадыён. Мясцовая міліцыя абсалютна нечакана вырашыла зрабіць праход на стадыён па пашпартах - так ужо рабілася ў некаторых гарадах Беларусі. Пасля скаргаў міліцыя неўзабаве згортвала такую "прапускную сістэму", але пацярпелыя так і не атрымлівалі тлумачэнняў і прабачэнняў. Разам з аршанцамі на матч у Кобрын прыехалі сябры аршанскіх фанатаў з Жабінкі. На матч трапілі толькі 7 фанатаў, 20 былі затрыманыя і ўвесь матч правялі ў пастарунку міліцыі. Пасля яны былі адвезеныя на вакзал і адпраўленыя дадому. Фанаты "Оршы" такім чынам апісваюць падзеі ў Кобрыне:
Большасьць супорту "Оршы" ня трапіла на матч з "кобрынам". На гарачую гасьцявую гульню разам з аршанскімі хлопцамі адправіліся нашы сябры з Жабінкі. Але на сектар прайшлі толькі 7 чалавек, у якіх былі пры сабе пашпарты. Яшчэ 20 чалавек, сярод якіх былі і некаторыя аршанцы, і некаторыя жабінкаўцы, былі затрыманыя міліцыяй на вакзале і з уяўнай мэтай "высьвятленьня асобы" гэтыя людзі адправіліся замест стадыёна ў міліцэйскі пастарунак. Прычым чытацкія білеты зь бібліятэкі, напрыклад, не прымаліся да разгляду. Абсурдная сітуацыя - на выбары, якія сёлета зноў былі цыркам на дроце, пасуе любы дакумент зь імём, прозьвішчам і фотаздымкам чалавека, а для ўсталяваньня асобы на вуліцы гэта ўжо нібыта і не дакумент. Ідыёцкая і павольная працэдура катаньня пальчыкаў, праверкі пашпартных дадзеных - у выніку ультрас былі выпушчаны з пастарунку толькі па заканьчэньні гульні і на аўтазаку адвезены на вакзал, дзе прабылі пад наглядам увесь час да зваротнага цягніка. Ніхто не перашкаджаў міліцыянтам адвезьці фанатаў на стадыён, а потым забраць зь яго, як даўно робіцца ўва многіх гарадах. Але ў сучаснай Беларусі многія правы проста ігнаруюцца. Асабліва крыўдна тым аршанцам, якія патрацілі на адну дарогу ў абодва бакі больш за суткі, змарнавалі шмат грошай, праехалі звыш 1.300 кіламетраў, а на футбол ня трапілі, хаця паводзілі сябе абсалютна законна.
Ведаем, што скажуць традыцыйныя праціўнікі фанатаў у нашым гнілаватым грамадзтве. Але абавязку насіць пры сабе дакументы ў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь няма, гэтага не прапісвае ніводзін закон! Адпаведна, жыхар Оршы можа колькі заўгодна часу знаходзіцца ў тым жа Кобрыне. Хадзіць на футбол у Беларусі можна зусім без дакументаў, і калі чалавек нічога не парушае, яго не маюць права затрымліваць! Нічога парушана не было - проста чарговае бязладдзе з боку "пагонаў", якое вырашыла істотна скараціць гасьцявы сектар. На такія дзеяньні скардзіцца бязвынікова, колькі ўжо фанаты розных клубаў спрабавалі - сэнсу няма, прыйдзе стандартная адпіска: "парушэньняў з боку супрацоўнікаў міліцыі ня выяўлена".
Грамадзянін мае права хадзіць на футбол вольна, не прад'яўляючы кожнаму міліцыянту дакументы. Мы салідарныя з нашымі італьянскімі калегамі, якія пратэстуюць супраць абавязковай карты заўзятара, так званай "tessera". Футбол з абавязковымі дакументамі пры сабе - антыканстытуцыйны крок, які да таго ж перашкаджае атрымліваць асалоду ад футбола і дае лішняе права супрацоўнікам органаў тварыць беззаконьне.