Аршанцы Віктар Траццякоў і Паліна Сцепаненка былі знаёмыя яшчэ з 1981 года, калі Віктар вучыўся ў Оршы, а Паліна прыехала ў Оршу да родзічаў на вакацыі. Але знаёмства было кароткім: Паліна з'ехала ў Мінск, Віктар сыйшоў у войска, пасля чаго яго насіла па ўсім былым Савецкім Саюзе. Праз шмат год абодва сустрэліся зноў у Оршы і, аказалася, што абодва вельмі творчыя людзі. З гэтага моманту ў іх з'явілася новая парфесія - здымкі дакументальных фільмаў. Першым супольным прадуктам стаў фільм "Гастарбайтэр", дзе Віктар быў не толькі аператарам, але і зняўся ў якасці галоўнага героя. Дэбют аказаўся паспяховым - фільм быў прадстаўлены на некалькіх міжнародных фестывалях, быў высока ацэнены крытыкай. У выніку работы над фільмамі творчы тандэм стаў даволі знакамітым у свеце дакументальнага кіно. Але ж у Оршы пра творчасць гэтага тандэму мала хто ведае.
У рамках кампаніі "Мы аршанцы, мы беларусы" 20 лістапада адбудзецца прэзентацыя творчасці Віктара і Паліны. На сустрэчы з аўтарамі будзе прэзентаваны цыкл кароткіх дакументальных фільмаў пад агульнай назвай "6 аргументаў супраць смяротнага пакарання". Прэзентацыя пройдзе па адрасе г. Орша, вул. Чырвонаармейская, д. 13. Пачатак 20-га лістапада а 18-00.
На відэа: фільм "Гастарбайтэр"
На відэа: фільм "Убыл по приговору"