Віктар Траццякоў і Паліна Сцепаненка першы раз выступалі ў Оршы як стваральнікі дакументальнага кіно. Але тое, што аршанцы таксама ведаюць іх творчасць, паказала вялікая колькасць прыйшоўшых людзей - сядзячых месцаў на ўсіх не хапіла. Перад пачаткам прэзентацыі Паліна распавяла, як сама прыйшла да тэмы смяротнага пакарання. У канцы 90-х яна працавала ў Праваабарончым цэнтры "Вясна-96". Тады цэнтар займаўся амаль выключна пытаннямі палітычных рэпрэсій і дапамогай палітычным актывістам. Але на офіс арганізацыі аднойчы прыйшоў ліст ад чалавека, які аказаўся прысуджаны да растрэлу. Пры тым, што хлопец не рабіў таго злачынства, за якое і быў у выніку пакараны, а па збегу абставінаў узяў на сябе віну за злачынцаў. Тое, што ён не вінаваты, разумеў і ён, і вартаўнікі ў вязьніцы, і, відавочна, нават, кат, але абмінуць смяротнага пакарання яму не ўдалося. Андрэй Палуда, кіраўнік кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання", распавёў сваю гісторыю як ён прыйшоў да гэтай тэмы. У Магілёўскай вобласці, адкуль Андрэй родам, адбылося страшнае злачынства - навядомыя забілі цэлую сям'ю разам з малымі дзецьмі і старыкамі. Па падазрэнні былі затрыманыя 5 аднавяскоўцаў. У час следства да іх прымяняліся страшныя катаванні і ў выніку ўсе яны падпісалі прызнанні, што злачынства здзейснілі менавіта яны. Пракурор патрабаваў смяротнага пакарання. Але суд прызнанням не паверыў, а іншых доказаў не было. У выніку справу супраць гэтай пяцёрцы хутка перааформілі ў дробны крадзёж і вельмі хутка паадпускалі. Забойцаў так і не знайшлі. Віктар Траццякоў распавёў, наколькі цяжка працаваць над дадзенай тэмай - сустракацца і здымаць родзічаў тых, хто быў растраляны - гэта асобная тэма. Але нават праца з былым кіраўніком расстрэльнай вязбніцы - Алкаевым аказала на аўтараў моцнае эмацыйнае ўздзеянне. Пад канец сустрэчы была прэзентавана і кніга "Смяротнае пакаранне ў Беларусі", у якой Паліна Сцепаненка была адной з укладальніц. Праўда, кніга ў аўтараў пакуль толькі ў адным асобніку і таму гэты асобнік дастаўся толькі арганізатарам вечарыны.
Тэма смяротнага пакарання вельмі эмацыйная, бо насычана і эмоцыямі тых, хто стаў ахвярай злачынцаў і эмоцыямі тых хто стаў ахвярай ката. Таму пад час паказу фільма некаторыя плакалі, а пасля фільма разгарнулася вялікая дыскусія за і супраць адмены смяротнага пакарання.
На фота: Андрэй Палуда
На фота: Паліна Сцепаненка
На фота: Віктар Траццякоў
На відэа: фільм "6 аргумантаў супраць смяротнага пакарання"