У Оршы тыдзень Караткевіч пачнецца ў дату яго нараджэння - 26 лістапада. Адно з ключавых мерапрыемстваў гэтага дня - адкрыццё мастацкай выставы Беларускага саюзу мастакоў "Зямля пад белымі крыламі-2015", якая прысвечана вялікаму аршанцу. Адкрываць выставу будзе яшчэ адзін знакаміты аршанец - мастак Мікола Купава. А 16-00 у Гарадскім цэнтры культуры распачнецца святочны канцэрт, прысвечаны юбілею пісьменніка.
А 18-00 26-га лістапада па ініцыятыве Міколы Купавы па адрасу: вул. Камсамольская д. 16, кв. 4 пройдзе прэзентацыя ідэі стварэння дабрачыннага фонда "Аршанскі замак". Паводле ідэі Міколы Купавы фонд мог бы збіраць сродкі на вывучэнне замка, рэстаўрацыю розных архітэктурных аб'ектаў Аршаншчыны ды інш.
На агульнарэспубліканскім узроўні мы таксама пабачым мерапрыемствы, прысвечаныя нашаму земляку. Так, 26-га ў Мінску ў знакамітай галерэі "Ў" па праспекце Незалежнасці, д. 37-а адбудзецца творчая вечарына ў гонар Караткевіча. У вечарыне прымуць удзел пісьменнікі: Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Законнікаў, бард Алесь Камоцкі, гурт "Нельга забыць". На мерапрыемстве будзе прэзентаваны 78 нумар часопіса "Дзеяслоў", у якім апублікаваныя раней невядомыя дзённікі Уладзіміра Сямёнавіча.
Да святкавання далучыліся тэлевізіёншчыкі - тэлеканал СТВ запусціў у сваім эфіры акцыю памяці, ў якой знакамітасці зачытваюць урыўкі з твораў Караткевіча. А тэлеканал Беларусь - 3 распачаў цэлы тыдзень памяці - кожны дзень у эфіры канала будзе паказвацца фільм, звязаны з класікам. 23 лістапада быў паказаны спектакль па апавяданні "Сіняя-сіняя", 24-га а 23-00 можна паглядзець мастацкі фільм "Маці урагану", паўтор фільма 25-га а 10-55. 26 лістапада - у дзень нараджэння Караткевіча - а 11-00 распачнецца паказ фільма "Чорны замак Альшанскі", а 13-10 дакументальны фільм пра вялікага пісьменніка "Сівая легенда". І 27-га "Сівая легенда" і "Чорны замак Альшанскі" будуць паўтораны а 15-50 і а 16-20 адпаведна.