Звычайна капэрты ў гонар вялікіх асобаў выпускаюцца да адмысловых юбілеяў. Прычым, юбілейнымі важнымі датамі лічацца лічбы кратныя 25 і 10. Па просьбе аршанцаў Белпошта зрабіла выключэнне і выпусціла адмысловую капэрту на 85-годдзе пісьменніка. На ліцавым баку капэрты выяўлены калаж з фотаздымкам Уладзіміра Сямёнавіча аўтарства С. Панізніка і ілюстрацыяй аўтарства А. Кашкурэвіча да рамана "Каласы пад сярпом тваім". На зваротным баку кароткая інфармацыя пра вялікага аршанца.
Афіцыйнае гашэнне капэрты прайшло у дзень нараджэння пісьменніка 26-га лістапада ў музеі Караткевіча - у дадзеным выпадку музей выступіў не толькі пляцоўкай для мерапрыемства, сам праэкт капэрты падрыхтаваны поштай супольна з "Музейным комплексам гісторыі і культуры Аршаншчыны". Проста ў музеі ў гэты дзень можна было і купіць гэтыя капэрты ды іншую беларускамоўную паштовую прадукцыю, чым скарысталася нямала наведвальнікаў.