9 чэрвеня 2015 года сябра аргкамітэту БХД Вольга Бугай адправіла калектыўны зварот ад імя мясцовых жыхароў з тым, каб прапанаваць Аршанскаму райвыканкаму выдзеліць сродкі на канчатковае добраўпарадкаванне – укладку ходнікаў па вуліцы Пралетарскай у нашым горадзе.
На гэты ліст Вольга Бугай атрымала некалькі адказаў з райвыканкаму. У іх пазначалася, што Аддзелам Аршанскага РАУС ДАІ па вуліцы Пралетарскай на праежджай частцы плянуецца зрабіць пешаходную дарожку з выдзяленьнем паласы для руху пешаходаў. У плянах таксама ўсталяваць на вуліцы трыццаць тры дарожных знака. То бок цяпер пешаходы змогуць ісьці па дарозе разам з машынамі “афіцыйна”, на законных падставах. Таксама даводзілася, што агулам выраб і усталяваньне трыццаці трох дарожных знакаў будзе каштаваць 40 мільёнаў рублёў. Таму у Віцебскі аблвыканкам адпраўлена хадайніцтва аб выдзяленьні сродкаў. Бо як раней паведамлялася, у бюджэце места грошаў няма.
У лістападзе 2015 года прыходзіць яшчэ адзін ліст з райвыканкаму з паведамленьнем, што з Аршанскага райвыканкаму ў Віцебскі аблвыканкам даслалі паўторнае хадайніцтва на 40 мільёнаў, каб жыхары вуліцы Пралетарскай замест бясьпечных ходнікаў пабачылі 33 дарожных знака.
Таксама ў лістападзе 2015 года ад імя Аршанскага райвыканкама з’явілася аб’ява аб тэндэры на набыцьцё Навагодняй гірлянды. Цана пытаньня – 1 мільярд 368 мільёнаў рублёў. Няма грошаў, спадарства?
Пагадзіцеся, паважаныя чытачы, што сітуацыя нагадвае тэатр абсурду: жыхары просяць тратуары, а ім ўзамен прапануюць усталяваць на маленькай вулачцы 33 дарожных знака. Гэта тое самае, калі вы прыйшлі ў краму купляць тэлевізар, а вам замест яго прапануюць чайнік, пераконваючы, што ён лепей за тэлевізар.
На фота: Вольга Бугай
На фота: вул. Пралетарская