Сённяшні дзень, 29 лістапада адзначыцца рэкордным наплывам наведвальнікаў у траўмапункты і такім жа рэкордным лікам здарэнняў па лініі ДАІ. Прычынай усяму - галалёд. Каля 9 раніцы ў Оршы пачаўся дождж, пры гэтым тэмпература паветра складала мінус 2 градусы. На паверхні асфальту і тратуарнай пліткі неадкладна ўтварылася гладкая і слізкая ледзяная скарынка.
І калі да сярэдзіны дня дарожныя службы яшчэ сяк-так апрацавалі рэагентамі праезную частку, тратуары працягвалі заставацца катком нават у самым цэнтры горада. Аўтар гэтага матэрыялу налічыў 4-х чалавек, якія зваліліся каля "Купца" каля 15 гадзін дня на працягу 10 мінут.
Цікавае ДТЗ адбылося на вуліцы Чырвонаармейскай. Там з-за галалёдзіцы легкавы аўтамабіль страціў кіраванне і знёс слуп-апору электраперадач, з-за чаго частка горада была адключаная ад электрычнасці.
У далейшым чакаецца выпадзенне снегу, вастрыня галалёдных з'яў паменшыцца. Працягнецца снегапад і ўвечары ў панядзелак.