Аўтар нарадзіўся ў Оршы ў 1972 годзе, тут жа пачаў і пісаць. Аршанцы, якія цікавяцца гісторыяй, павінны памятаць ягоны зборнік-даведнік "Аршанская шляхта", выдадзены ў Мінску ў 1996 годзе. Выданне і зараз - праз 20 год - па сваёй змястоўнасці і якасці інфармацыі не мае канкурэнтаў і стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Ужо пераехаўшы ў Мінск, Зміцер выдае зборнік інтэрв'ю "Беларусь: Ні Еўропа, ні Расія", а таксама ўдзельнічаў як суаўтар у выданні кулінарна-гістарычнай кнігі "Наша Страва".
Цяпер жа аршанец вырашыў паспрабаваць сябе і ў мастацкай прозе. У серыі "Кнігарня пісьменніка" выйшаў зборнік раманаў "Гісторыі ў прыцемках". На гэты раз кніга не мае да гісторыі як навукі аніякага дачынення. Назва тлумачыцца тым, што ў кнігу ўвайшлі містычныя гісторыі аўтара - аповесці "Голем з Малой Мар'ямпольскай" і "Вуаерыст" і апавяданне "Яйкі птушкі Рух". Жанр містыкі, дарэчы, даволі рэдкі для беларускай літаратуры, таму можна спадзявацца на поспех выдання.