Здарэнне адбылося яшчэ ў ноч з 11 на 12 снежня, але нідзе ў публічных зводках міліцыя не апублікавала дадзеную інфармацыю і яна так і засталася невядомай шырокаму колу людзей, хаця разыйшлася па горадзе ў выглядзе чутак. Нашаму сайту здарэнне апісалі на ўмовах ананімнасці.
Пасля 12 ночы з пятніцы на суботу ў РАУС паступіў званок, званіла жанчына якая паведаміла, што двое невядомых у раёне Рамонтнага заводу парэзалі яе сабаку. Паведамленне пра здарэнне і прыкметы нападнікаў былі абвешчаны па рацыі, а найбольш блізка да месца здарэння аказаўся аўтамабіль з супрацоўнікамі дэпартамента "Ахова".
На прыпынку "Лядовы палац" у бок цэнтра двое супрацоўнікаў "Аховы", якія ехалі ў машыне, пабачылі двух мужчынаў, падобных па прыкметах. Але як толькі міліцыянты пад'ехалі да іх ,каб праверыць дакуманты, тыя кінуліся ў розныя бакі на ўцёкі. Калі нехта ўцякае, нехта павінен і даганяць - міліцыянты кінуліся ў пагоню. Бег быў нядоўгі, у парку каля Кургана Славы адзін з міліцыянтаў дагнаў падазраванага, завязалася барацьба - затрымліваемы супраціўляўся. У час барацьбы мужчына дастаў складны нож і рэзануў міліцыянта, патрапіўшы яму па шчацэ. Шрам атрымаўся даволі глыбокім ад рта да вуха.
У выніку, мужчына, які парэзаў міліцыянта, быў затрыманы і зараз заключаны пад варту. Паранены міліцыянт быў дастаўлены ў бальніцу, дзе на рану яму наклалі некалькі швоў. Пытанне, ці менавіта гэтыя людзі парэзалі сабаку, адыйшло на задні план - цяпер затрыманаму пагражае зусім іншы артыкул са значна большым тэрмінам магчымага пакарання.