Насуперак словам некаторых беларускіх чыноўнікаў пра тое, што прадпрымальнікі па ўсёй Беларусі адправіліся на калядныя і навагоднія вакацыі, а таму ў першыя дні 2016 года не з'явіліся на працы, ІП працягваюць сваю забастоўку. Такім чынам, словы міністраў і іншых чыноўнікаў не апраўдваюцца.
Святы ўжо скончыліся, 10-га студзеня наступіла нядзеля - самы "плённы" дзень на продажы і на наведнікаў для Цэнтральнага рынку. Але індывідуальныя прадпрымальнікі па ўсёй краіне зноў не выйшлі на працу, адчыніліся толькі асобныя гандлёвыя месцы, дзе прадаюць цацкі і некаторыя іншыя рэчы. Праігнаравалі працу 10-га студзеня і прадпрымальнікі Оршы. Асобныя гараджане, якія паверылі чуткам пра тое, што ў нядзелю павільёны адчыняцца, прыйшлі на Цэнтральны рынак, але ўбачылі пустыя месцы і змушаныя былі вярнуцца дахаты. На рынку сабраліся некаторыя ІП, каб дэманстратыўна паказаць нежаданне працаваць па цяперашніх правілах. Таксама на рынку былі супрацоўнікі міліцыі. Чыноўнікі ж занялі пазіцыю чакання.
14 снежня на форуме прадпрымальнікаў у Менску многія ІП заявілі аб намеры вымушана прыпыніць сваю працу з 1 студзеня 2016 года ў сувязі з аб'ектыўнай немагчымасцю выканання патрабаванняў указа № 222 і тэхнічнага рэгламенту. Згодна з указам № 222 аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці, з 1 студзеня 2016 г. ІП павінны будуць рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі.
Міні-хроніка падзей ад orsha.eu. Мы фатаграфавалі пустыя месцы на Цэнтральным рынку яшчэ 5-га студзеня. Затым, ужо 6-га студзеня, прадпрымальнікі Оршы правялі першы мітынг супраць указу прэзідэнта. І вось, 10-га студзеня ІП Оршы не выйшлі на працу ў самы папулярны дзень, чым засведчылі сур'ёзнасць сваіх намераў.