У цэлым сітуацыя паводле "Асноўных паказчыкаў..." працягвае пагаршацца. Паляпшэнні па некаторых паказчыках ёсць, але нязначныя: вырасла вытворчасць кармоў для ската, колькасць галоў свіней, вытворчасць малака і сярэдні надой. Акрамя таго вырас аб'ём прамысловай вытворчасці (вымяраецца ў рублях, таму з улікам інфляцыі рост гэты вельмі ўмоўны), пры тым, што на складах працягвае заставацца 101,2% ад прадукцыі, якая выпускаецца за месяц. У параўнанні з такім жа перыядам мінулага года складскія запасы гатовай прадукцыі зменьшыліся ўсяго толькі на 1,2%.
Мацнейшае падзенне адбылося ў галіне інвестыцыяў і будаўніцтва. Так, індэкс інвестыцыяў у асноўны капітал, у % да адпаведнага перыяда папярэдняга год апусціўся да 50,8%, у будаўнічыя работы да 55,4% - у абодвух выпадках амаль напалову. Паступленне прамых замежных інвестыцыяў у рэгіён зменьшылася ўвогуле амаль у 5 разоў. Адпаведна, ўвод жылых дамоў у метрах квадратных зменьшыўся з 26.281 да 15.021 агулам, а ў вясковай мясцовасці з 4.892 да 1.628. З дзяржаўнай падтрымкай у мінулым годзе за такі ж перыяд было ўведзена 17.892 квадратных метры, а ў гэтым 1.361.
Тавараабарот у грамадскім харачаванні зменьшыўся амаль на 10%, у гандлі крыху меньш за 10%.
Намінальны сярэдні заробак, які вымяраецца ў рублях, нязначна павялічыўся - на 414.300 рублёў, але рэальны заробак склаў толькі 95% ад такога ж паказчыка мінулага года.
Экспарт тавараў з нашага рэгіёна зменьшыўся, але зменьшыўся і імпарт, што агулам прывяло да станоўчага паказчыка сальда знешняга гандлю.
Самыя вялікія падзенні, якія амаль не спыняюцца на працягу апошніх гадоў - у раздзеле "Фінансы". Чысты прыбытак атрымаў каласальнае падзенне, калі ў мінулым перыядзе Белстат даваў лічбу чыстага прыбытку ў 109.958 мільёнаў рублёў, то ў гэтым годзе за той жа перыяд чысты прыбытак ператварыўся ў страты і склаў -81.759 мільёнаў. Удзельная вага стратных прадпрыемстваў павялічылася амаль у два разы. Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць - тое, што іншыя павінны нашаму рэгіёну - вырасла на 133.569 мільёнаў рублёў. А пратэрмінаваная пазыка нашага рэгіёна вырасла на 501.269 мільёнаў. Асабліва вялікі рост крэдыторскай запазычанасці атрымаўся за паліўна-энэргетычныя рэсурсы - больш чым у 5 разоў. Па крэдытах пратэрмінаваная запазычанасць вырасла за апісваемы перыяд амаль у 3 разы.