Яшчэ зусім нядаўна наш сайт паведамляў пра новую магчымасць, якая адкрылася ў Оршы, тады "Еўраопт" адкрыў магчымасць дастаўкі прадуктаў на дом. Але паслуга праіснавала нядоўга. Дырэктар інтэрнэт-крамы Дзяніс Мароз паведаміў, што паслуга адмяняецца адразу ў чатырох гарадах краіны - Маладзечне, Ашмянах, Валожыне і Оршы. Як высветлілася, інтэрнэт-краме "Еўраопт" не выгадна працаваць ва ўмовах цяперашніх законаў, якія ставяць у няроўныя ўмовы аптовыя крамы і інтэрнэт-прадаўцоў. Справа ў тым, што інтэрнэт-крамам Беларусі забаронена дастаўляць кліентам алкаголь і тытунь. А без цыгарэтаў і спіртных напояў на дастаўцы "Еўраопт" пачаў працаваць сабе на шкоду, а не ў прыбытак.
Дзяніс Мароз лічыць, што інтэрнэт-дастаўку можна будзе аднавіць у выпадку дазволу гандляваць алкаголем і цыгарэтамі. Механізмы кантролю пакупніка даўно выпрацаваны - па-першае, кур'ер фатаграфуе дакументы пакупніка, калі той набывае цыгарэты альбо алкаголь, а аплата ў такіх выпадках можа здзяйсняцца толькі праз банкаўскую картку паўналетняй асобы.
Але ў цяперашніх умовах інтэрнэт-крама "Еўраопт" у Оршы прыпыняе дзейнасць, дастаўкі на дом ужо не будзе.