"Мазгабойня" - інтэлектуальная гульня, якой займаюцца людзі розных узростаў. Яны аб'ядноўваюцца ў каманды і адказваюць на пытанні. Гульня № 4, улічваючы яе спакойную хаду, не абяцала вялікіх сюрпрызаў. Удзельнікі зноў сабраліся ў традыцыйным месцы - спорт-бары "Ліга", дзе прайшлі і папярэднія тры сустрэчы "Мазгабойцаў". Амаль усю гульню лідэрскую пазіцыю займала каманда "Звяз", якая выйграла дзве з трох гульняў. Моцныя "звязаўцы" падышлі на першым месцы і да вырашальнага туру - бліцу.
І вось тут бліц другі раз запар падараваў вялікую інтрыгу і сюрпрызы. "Звяз" някепска правёў апошні тур, аднак каманда "Памяркоўныя", якая ўжо ў другі раз прыехала ў Оршу са Шклова, набрала ў сёмым туры цэлых 11 пунктаў, што дазволіла ёй апярэдзіць "Звяз" і перамагчы. Вось так "Памяркоўныя" апынуліся памяркоўнымі толькі па назве, а не ў рэальнасці, і прыгожа вырвалі вікторыю. "Звяз" з адставаннем у два пункты фінішаваў 2-м, яшчэ на тры пункты менш у каманд "Ника" і "Команда-лаванда", але па дадатковых паказчыках тройку замкнула "Ника". Дэбютанты аршанскае "Мазгабойні" каманда "Лавi вавёрку!" (яшчэ адна назва на роднай мове!) сталі 7-мі. Усяго ў гульні прынялі ўдзел 11 камандаў.
Наступная "Мазгабойня" адбудзецца 18 лютага.