Гэтага, напэўна, не ведаў ніхто. Знакамітая, ужо вялікая акторка савецкага і расейскага кіно Ірына Мураўёва, якая іграла ролю Людмілы — сяброўкі галоўнай гераіні фільма "Москва слезам не верит", галоўную гераіню ў стужках "Самая обаятельная и привлекательная", "Карнавал", мае беларускія карані з Оршы. Усяго ў Ірыны Вадзімаўны 45 роляў у кіно і яе імя даўно вядома на шырокай прасторы кінааматараў. Раней пра біяграфію Мураўёвай было добра вядома толькі тое, што маці будучай акторкі немцы ўгналі на працу ў Нямеччыну менавіта з Беларусі, нічога больш шырока не асвятлялася. Яе бацька ваенны інжынер дайшоў да Нямеччыны ў часы Другой Сусветнай вайны, там і сустрэў маці будучай знакамітасці. А маленькая Ірына нарадзілася ў сям'і ўжо ў Маскве ў 1949 годзе, 8 лютага. Стала другім дзіцём у сям'і.
19 лютага ў Берасці прайшла тэатральная пастаноўка "На струнах дождя", у якой узялі ўдзел знаныя маскоўскія артысты Анна Церахава, Леанід Бічэвін і сама Ірына Мураўёва. У інтэрв'ю выданню "Вечерний Брест" Ірына Мураўёва і раскрыла малавядомую дагэтуль старонку біяграфіі. Яна адзначыла, што ёй прыемна адчуваць у сабе беларускія карані, а яе маці родам з Оршы.