Беларускія зоркі спорту, кіно, тэлебачання, тэатра і эстрады разам прачытаюць творы Уладзіміра Караткевіча 29 сакавіка на вечары, які Вялікі тэатр Беларусі праводзіць сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.
Вершы, урыўкі з прозы знакамітага беларускага пісьменніка, а таксама песні на словы класіка прагучаць у гэты вечар у камернай зале тэатра у 18.15 перад пачаткам оперы “Сівая легенда”.
На адной сцэне будуць гімнастка бронзавы прызёр лонданскай Алімпіяды-2012 Любоў Чаркашына, саліст оперы Вялікага тэатра Беларусі Ілля Сільчукоў, акцёр, рэжысёр, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Аляксандр Гарцуеў, тэлевядучая, спявачка і аўтар песень Вольга Рыжыкава, актрыса тэатра і кіно Алена Дуброўская, спявак і тэлевядучы Тэо, а таксама тэлевядучая Наталля Бібікава і яе муж, акцёр Андрэй Бібікаў.
У фае тэатра на адзін вечар разгорнецца выстава “Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду”. Гледачы таксама пазнаёмяцца з рэдкімі фатаздымкамі Уладзіміра Караткевіча і пачуюць голас класіка – з архіўных запісаў пісьменніка.
А галоўнае, на сцэне Вялікага тэатра гледачы ўбачаць шэдэўр нацыянальнага мастацтва – оперу “Сівая легенда”, у стварэнне якой сваю працу і талент уклалі кампазітар Дзмітрый Смольскі і аўтар лібрэта Уладзімір Караткевіч (ён сам напісаў лібрэта да оперы паводле сваёй аднайменнай аповесці).
У антракце гледачы таксама змогуць прачытаць улюбёныя радкі з твораў класіка. Удзельнікам будуць уручаны падарункі і сувеніры ад Вялікага тэатра.