Трое падлеткаў з пасёлка Коханава Талачынскага раёна забілі камянём ката, а затым павесілі яго. Гэта адбылося 12 сакавіка, падлеткі пабілі ката каменнем, выкалалі яму вочы і затым павесілі. Гэтага малалетнім скуралупам падалося мала і яны хацелі яшчэ і падпаліць труп жывёлы. Аднак на іх дарозе ў той момант апынуліся дарослыя, якія не дазволілі гэтага зрабіць. Жудаснае забойства ката ўчынілі двое вучняў 7-га класа і адзін 6-га.
У размове з tut.by медсястра мясцовага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Наталля Сулкоўская паведаміла, што адзін з сямікласнікаў раней ужо быў заўважаны ў жахлівым абыходжанні з жывёламі - ён адрываў птушкам крылы. Заяву ў міліцыю напісала Зоя Мурысава, якая падкармлівала гэтага бяздомнага ката. У ёй фігуруе толькі адзін з падлеткаў. Аднак прыцягнуць яго да адміністратыўнай адказнасці немагчыма, бо яму не 14, а пакуль 13 гадоў. Цяпер за сына будуць адказваць ягоныя бацькі, якія альбо атрымаюць папярэджанне за неналежнае выхаванне сына альбо заплацяць штраф да 10 базавых велічыняў. Сын жа апынецца на прафілактычным уліку ў Інспекцыі па справах непаўналетніх.
Дырэктар Коханаўскай сярэдняй школы, дзе вучацца малалетнія злачынцы, Міхаіл Татарановіч не схільны лічыць падлеткаў жорсткімі. Ён заявіў, што самі дзеці ў шоку ад таго. што натварылі. Праведзены размовы з іхнымі бацькамі.
Варта адзначыць, што ў нашай краіне можа быць уведзеная крымінальная адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Раней пасадзіць скуралупа за краты было амаль немагчыма. Напрыклад, адказнасці пазбег чалавек, які рэзаў сабак і катоў у Менску год таму, а калі б яго і злавілі, дык прысудзілі б толькі да штрафу. Цяпер ідуць зрухі ў бок крымінальнае адказнасці. Нядаўна ў Берасці мужчына атрымаў 1,5 гады турмы за забітае кацяня, адправіць яго за краты ўдалося таму, што акрамя забойства кацяня ён пагражаў забойствам яго гаспадару. Неўзабаве ў Беларусі закон будзе больш жорстка караць за забойствы і здзекі з жывёлаў, як карае за такія брыдкія ўчынкі ва ўсіх цывілізаваных дзяржавах.