Прэмія існуе з 2012 года і была заснавана Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам, Інстытутам Польскім ды Амбасадай Польшы. Узнагароджваецца прэміяй лепшая кніга прозы, выдадзеная ў папярэднім годзе. У гэтым выпадку будзе ўзнагароджаная кніга, якая выйшла ў 2015 годзе. Упершыню сярод намінантаў прэміі прысутнічае кніга аршанца - "Гісторыі ў прыцемках" Зміцера Дзядзенкі. Для аршанца гэтая кніга стала дэбютнай у жанры містыкі. Праўда, апошнім часам Зміцер Дзядзенка жыве ў Мінску.
Сярод іншых намінантаў кнігі Адама Глобуса, Альгерда Бахарэвіча, Сяргея Абламейкі, Валянціна Акудовіча, Віктара Шніпа ды іншых вядомых пісьменнікаў. Таксама ў спіс патрапілі "Сем камянёў" Аляксея Шэйна, "Плебейскія гульні" Франца Сіўко - кнігі, якія ў прайшоўшым годзе прэзентоўваліся ў Оршы.