Ратавальнікі і эколагі шмат гавораць пра небяспеку і шкоду выпалу сухой травы, але штогод вясной па віне людзей выгараюць тысячы гектараў травы, а, бывае, што гэтае глупства прыводзіць і да трагедый. Так, у суседнім Лёзненскім раёне позднім вечарам 11 красавіка паступіла паведамленне пра знойдзены труп. На ўчастку выгарэўшай травы ў 100 квадратных метраў побач з вёскай Сасновая Наспа ляжала цела жанчыны. Дакладная прычына пажару і пры якіх дакладна абставінах загінула жанчына высвятляецца, але падобна на тое, што гэта, як раз, ахвяра вясенніх выпалаў.
Яшчэ адна жанчына загінула на пажары ў Сененскім раёне. У ноч з 12 на 13 красавіка ў вёсцы Поршні загарэўся жылы дом. Больш за гадзіну пажарныя змагаліся з вагнём, а калі зайшлі ўнутар дома, то знайшлі абгарэлы труп гаспадыні дома - пенсіянеркі 1937 года нараджэння.
У Аршанскім раёне ў гэтыя дні таксама не абыйшлося без пажараў - у Андрэеўшчыне той жа ноччу згарэла лазня, але абыйшлося без ахвяраў.
У суседнім Горацкім раёне магчымую трагедыю ўдалося прадухіліць. У лесе каля вёскі Стан былі знойдзены 40 гранатаў, 18 артылерыйскіх снарадаў і 5 мінамётных мінаў часоў Другой Сусветнай вайны, якія былі абясшкоджаны.