Гістарычныя будынкі, знесеныя ў час "ваяўнічага атэізму", паўстаюць на фотакалажах майстра, зробленых з дапамогай 3D мадэлявання. Паводле Аляксандра Невара, ён пераканвертоўвае ў 3D геаметрычныя памеры гістарычных будынкаў з наяўных чарцяжоў ды iншых выяваў, што захавалiся да нашых дзён. Значна спрашчае задачу наяўнасць якаснай праектнай дакументацыi.
Але, што да царквы Апекі Маці Божай, узарванай па распараджэнні гарадскіх уладаў у 1960-я гады, то Аляксандар Невар зазначыў:
"Пакуль не знойдзены чарцяжы планаў ды фасадаў гэтай былой базылiянскай святынi. Апiсанне i графiчная выява кляштара разам з царквой сустракаецца ў кнiзе Iнэсы Слюньковай " Монастыри восточной и западной традиций". Дакладныя габарыты магчыма атрымаць, даследваўшы i зрабiўшы памеры iснуючых падмуркаў, якiя захавалiся i, спадзяюся, захаваюцца да лепшых часоў. На жаль, на гэтым самым месцы аднавiць святыню па сучасных нормах, не замiнаючы адмiнiстрацыйнаму трохпавярховаму будынку побач, амаль немагчыма. Ды й наогул яшчэ пашанцавала, што гэтую тэрыторыю дагэтуль не забудавалi, хоць i рассеклi напалову плотам. Калi атрымаецца пазначыць абрысы храма на мясцовасцi адметным узорам тратуарнай пліткi цi яшчэ якiмсьцi чынам, то гэта будзе кампрамісным і нявыдатковым вырашэннем".
Падмуркі царквы зараз часткова знаходзяцца на той тэрыторыі, якая прылягае да будынка Аршанскага гарадскога аддзела міліцыі і абгароджана плотам. У 2005 годзе аршанская грамадскасць прыклала шмат намаганняў, каб адзін з міліцэйскіх карпусоў не быў узведзены на гістарычных падмуркаў. Супрацоўнікі міліцыі ўсталявалі крыж у памяць пра колішнюю святыню – аднак яго не відаць гараджанам, бо за службовы плот не пускаюць пабочных асобаў.
Арыгінальныя здымкі для фотакалажаў зрабіла журналістка Алена Сцяпанава, якая разам з іншымі неабыякавымі аршанцамі настойвае на тым, каб было спынена руйнаванне рэшткаў былога манастырскага комплекса .
Спасылка на фота: