Напрыканцы мінулага году на старонках "Хрысціянскага інфармацыйнага парталу "Крыніца"" разгарэліся дэбаты вакол лёсу помніка архітэктуры "Былы Базылянскі манастыр". Сам партал назваў гэта канфліктам, і, сапраўды, абодва бакі абвінавацілі адно аднаго - неабыякавая інтэлегенцыя абвінаваціла царкву ў штучным замаруджванні рэстаўрацыі помніка, царкоўнікі абвінавацілі інтэлегенцыю ў штучным стварэнні канфлікту. Цалкам артыкул можна прачытаць тут. Але фармат таго артыкула не даў магчымасці бакам выказацца грунтоўна, а адказаць на ўзаемныя абвінавачанні, відавочна, хочацца і таму і таму боку. У сувязі з гэтым, для публікацыі спадар Мікола Купава напісаў асобны артыкул, які прапанваў для публікацыі на тым жа сайце. Публікуем гэты артыкул без зменаў тэкста.
У Воршы мёртвы сезон
Кожны раз калі наведваю Воршу, прыходжу да Аршыцы амаль у цэнтры горада, каб паглядзець на руіны кляштара Базылянаў з надзеяй на пазітыўныя зьмены ў ходзе рэстаўрацыі помніка. Але штогод бачу адно і тое: кляштар гібее, нават ніякага рамонту, ці падрыхтоўкі да ўсяабдымнай рэстаўрацыі невідно. І так з году ў год. Асабліва хваляванне ахоплівае, калі прыходзе вясна: самы спрыяльны час для рамонтна-рэстаўрацыйных прац. І вось сёлета ўжо настаў апошні месяц вясны, а значыць тры месяцы, калі не чатыры з ўлікам асблівых кліматычных умоў сёлета, можна весці гэткія плённыя працы. Але ніякіх прац на кляштары так і невідно. У вясенне-летне-восеньскі перыяд года кожны дзень спрыяльны для такіх мерапрыемстваў, а яны не выкарыстоўваюцца.
Калі ў мяне ўзьнік клопат пра лёс кляштара і адначасова думка пра тое як дапамагчы, каб пачаліся аднаўленчыя працы, я пазнаёміўся з аўтарам праекта рэстаўрацыі, убачыў незавершаны праект і Мікалай Лук’янчык мне распавёў, што манашка ганарар калектыву, які выконвае праект прывозе ў канвертах і дагэтуль не разьлічылася за папярэднія працы. Таму людзі ня хочуць далей працаваць, бо за гэтую іхнюю працу не атрымліваюць неабходныя ганарары. Я сабе тыды падумаў: “А навошта вазіць грошы ў канвертах, калі можна выслаць на рахунак майстэрні?” Але ладна. Шкада толькі, што ўзаемаадносіны праектнай майстэрні з т.зв. заказчыкам у тупіковым стане: праект не завершаны, помнік не рэстаўруецца.
І вось тут я прачытаў матэрыял журналісткі ў інтэрнэце на сайце “Крыніца”, які і зараз яшчэ ёсць у інтэрнэце. Яна брала інтэрв’ю ў манашкі Даніілы, якая між іншым сьцвярджае, што яна мне ўчыніла пратэкцыю, каб зрабіць маю выставу ў музеі Ул.Караткевіча. Што мяне вельмі здзівіла. Тут м.Данііла так выстаўляецца нібыта яна міністр культуры, або войт горада. А мне ніякая пратэкцыя не патрэбна. У мяне ўдосталь твораў як паводле творчасьці нашага славутага пісьменніка так і прысьвечаных Воршы. Таму я на кожны значны юбілей прывожу як свае творы так і сваіх калег-мастакоў Беларускага саюза мастакоў і адкрываем адразу дзьве выставы. Але ўсё гэта робіцца па дамоўленасьці з кіраўніцтвам Аршанскага музейнага комплекса. Тут жа м.Данііла яшчэ робіць другую шакіруючую заяву: “…Купава пералічыў (на рахунак рэканструкцыі кляштара) 400 000 рублёў, больш грошай ад яго я ніколі не атрымлівала…” Што маецца на ўвазе: у час праходжання гэтых маіх выставаў я аб’явіў аб продажы сваіх твораў і звыш паловы кошту акварэляў, лінарытаў, літаграфіяў ды афортаў, якія будуць прададзеныя, пералічыць на карысьць рэстаўрацыі помніка. Што і зрабіў. Мной пералічана прынамсі 3300000 руб. І вы бачыце гэта па квітанцыях грашовых адпраўленняў (да нас скан квітанцый дайшоў у даволі кепскай якасці, таму не публікуем яго - рэд. Orsha.eu), але хутчэй за ўсё я пералічыў больш за гэтую суму, бо я не знайшоў усе квітанцыі.
А рахунак на рэстаўрацыю помніка быў адкрыты і зарэгістраваны ў прыходзе Свята-Пакроўскага храма г.Оршы, што па сутнасці азначае пры пакуль яшчэ існуючым кляштары Базылянаў. Храм, якога быў зьнішчаны ўладамі Воршы ў 1969 г. Рахунак было б справядліва зарэгістраваць пры раённым аддзеле культуры.
Я дзякую аматарам майго мастацтва, якія набывалі некаторыя мае творы, за такі актыўны ўдзел у культурнай акцыі, скіраванай на адраджэнне шматпакутнага помніка. Так што словы шаноўнай м. Даніілы, уяўляюцца нечым большым чым звычайная праблема з памяццю.
Навогул, трэба сказаць, што Ворша ёсьць высока індустрыяльны горад, у якім шмат заводаў, фабрык і іншых вытворчых прадпрыемстваў, а яшчэ плюс розныя прадпрыемствы ў раёне, якія ўжо даўно маглі б забясьпечыць неабходную суму грошай для аплаты праекта і рэстаўрацыі кляштара. Для гэтага толькі і патрэбны кліч раённага кіраўніцтва, гарадскога начальства. Але гэтага пакуль што няма. Кіраўніцтва горада ўхілілася ад актыўнага ўдзелу ў лёсе помніка. А іхняя пазіцыя зараз вельмі неабходная. Замест гэтага кляштар цалкам перададзены ў карыстанне Расійскай праваслаўнай царкве, а клір не адчувае сябе паўнапраўным гаспадаром, і таму ў справе рэстаўрацыі робяць малыя кракі толькі пад націскам грамадства.
Таму нам варта нагадаць, што ў такім выпадку мяркуюць інстытуцыі ЮНЕСКО. А Беларусь чынная ўдзельніца гэтай паважанай міжнароднай арганізацыі. У адпаведнасьці з артыкулам №4 Канвенцыі аб сусветнай спадчыне, “кожная дзяржава-удзельніца дадзенай Канвенцыі прызнае, што абавязак забясьпечваць выяўленне, ахову захаванне, папулярызацыю і перадачу будучым пакаленням культурнай і прыроднай спадчыны, размешчаных на яе тэрыторыі ўскладаецца перш за ўсё на гэтую дзяржаву.”
Таму мы павінны ясна ўсьведамляць, што мы перададзім будучым пакаленням?
У дадзеным выпадку мы і маем на ўвазе канкрэтна Базылянскі кляштар. Якім ён будзе праз 10 гадоў? У ім можа быць музей, урэшце павінен быць узноўлены пры кляштары галоўны архітэктурны помнік Бажніца апекі Маці Божай. На шчасьце невялікі фрагмент храма не разьбіты ў 1969 г., захаваўся і ўяўляе для горада вялікую каштоўнасьць.
Дарэчы, ня толькі ў Віцебску, Магілёве ды іншых гарадах Беларусі шмат дадатных прыкладаў аднаўлення помнікаў спачатку зруйнаваных, а цяпер адноўленых. Дык такі ж станоўчы досьвед ёсць і ў Воршы: гэта ўзнаўленне езуіцкага кляштара (хоць і не цалкам). Які цяпер упрыгожвае горад. А яшчэ ж гадоў 25-30 ў гэтым кляштары месьцілася турма, якая была тут учынена яшчэ расійскімі царамі. Некаму ж такая выдатная думка прыйшла ўгалаву аднавіць кляштар! А цяпер вежа кляштара стала дамінантай горада. І гэта выдатна!
А што нам чакаць ад кіраўніцтва РПЦ? Дарэчы м.Данііла з сваёй пасады зьмешчаная, яе месца заняў ераманах Серапіён… Ужо на парозе лета, а нічога не зьмянілася ў адносінах да кляштара Базылянаў. Таму мы павінны канстатаваць артыкул канвенцыі ЮНЕСКО аб поўнай адказнасьці за помнік уладаў горада і на гэты артыкул абапірацца ў далейшай практычнай дзейнасьці грамадства ў адносінах да рэстаўрацыі кляштара.
Мікола Купава
Сябра Беларускага саюзу мастакоў