З 30-га снежня распачаўся этап выбараў у мясцовыя саветы, на якім будучыя магчымыя кандыдаты ў дэпутаты падаюць заявы і спісы ініцыятыўных групаў. Менавіта сябры ініцыятыўных групаў на наступным этапе, з 12-га студзеня, будуць збіраць подпісы выбарцаў патрэбныя для вылучэння іх прэтэндэнтаў кандыдатамі ў дэпутаты.
Хаця заявы прымаюцца ўжо 6 дзён, пакуль ахвотных пазбіраць подпісы не шмат - для ўдзелу ў выбарах у раённы савет па стане на ўчорашні вечар падалі свае заявы толькі два чалавекі. Першым сваю ініцыятыўную групу падаў у выбарчую камісію былы кандыдат у дэпутаты парламента, сябра аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Канстанцін Анташкевіч. Ён плануе вылучацца па 26-ай акрузе, якая часткова ахоплівае тэрыторыю Заходняй блізкай да чыгуначнага тэхнікуму.
Другую заяву падаў сябра сойму Партыі БНФ Аляксандар Шутаў. Яго ініцыятыўная група плануе збіраць подпісы на тэрыторыі акругі № 22, якая ахоплівае раён Чаромушак, часткова вуліцу Молакава і прылеглыя.
Яшчэ адна заява пададзена для ўдзелу ў выбарах у Межаўскі сельскі савет, там плануе ўдзельнічаць сябра партыі "Справядлівы свет" Васілій Чукасаў.