Аршанскі помнік "Былы Базылянскі манастыр" да гэтае пары так і не рэстаўруецца. Краязнаўцы ўжо не адзін год гавораць пра небяспеку далейшага разбурэння будынка, які перададзены праваслаўнай царкве. З іншага боку, царква не можа распачаць рэстаўрацыю па шэрагу прычын, галоўная з якіх - недахоп сродкаў. Больш за тое, пару месцяў таму краязнаўцы з аднаго боку і царкоўнікі з другога праз СМІ абмяняліся шэрагам прэтэнзіяў адзін да аднаго.
Каб зняць канфлікт і ў жывую, а не праз прэсу, абмеркаваць перспектывы аднаўлення помніка назіральная рада пры Міністэрстве культуры распачала падрыхтоўку да правядзення кольнага стала з удзелам зацікаўленых асобаў. Чакаецца, што кольны стол пройдзе ў ліпені ў Мінску. Краязнаўцы зараз рыхтуюць спіс людзей, якія калі-небудзь падпісваліся за захаванне помніка, каб запрасіць неабыякавых людзей таксама прыняць удзел у абмеркаванні.