Ці ведалі вы, што найстарэйшы апазіцыйны актывіст Віцебска, а можа, і ўсёй Віцебшчыны, калісьці працаваў ва ўправе юстыцыі аблвыканкама? І ў судзе Чыгуначнага раёна абласнога цэнтра, які потым неаднаразова штафаваў Барыса Хамайду за несанкцыянаваныя пікеты каля знакамітага “сіняга дома”?
У гэтым месцы спадар Хамайда і сёння распаўсюджвае незалежную прэсу пад бел-чырвона-белым парасонам. А гараджане дагэтуль пытаюцца ў яго пра газету “Выбар” – адно з першых дэмакратычных выданняў 1990-х, дзе Барыс Хамайда быў рэдактарам…
Слова “выбар” увогуле самае вызначальнае ў ягоным жыцці. Пра гэта актывіст распавядае ў 15-хвіліннай дакументальнай стужцы, аўтары якой журналістка Алена Сцяпанава (Віцебск) і відэааператар Аляксандр Зянкоў (Барысаў).
Аршанцы ўжо знаёмыя з іхнай творчасцю: у студзені ў Оршы прайшла прэзентацыя дакументальнага фільма “Я лічу, што я шчаслівы” пра журналіста, настаўніка, барда і спевака Георгія Станкевіча. Тады ў прэзентацыі ўдзельнічаў і герой фільма, ён даў невялікі канцэрт для прысутных.
Цяпер “разынкай” прэзентацыі стане вялікая фотавыстава, прысвечаная Барысу Хамайду. Яе ўдзельнікі – віцебскія фотажурналісты, якія падзліліся здымкамі з уласных архіваў. Таму ў гледачоў будзе магчымасць убачыць і падзеі канца 1990-х, калі існавала рэдакцыя газеты “Выбар”, і цяперашняе “працоўнае месца” спадара Барыса, якое ў Віцебску невыпадкова называюць “выспай свабоднага слова”.
Адкрыццё фотавыставы і прэзентацыя дакументальнага фільма адбудуцца 5 чэрвеня (нядзеля) ў 14.30 па адрасе вул. Чырвонаармейская, 13
Запрашаем усіх ахвотных!