У пачатку студзеня сябру Рады Праваабарончага цэнтра “Вясна” Таццяне Рэвяка было даслана паведамленне за подпісам намесніка начальніка Ашмянскай мытні А.В. Датчука, у якім сказана, што мытня атрымала з Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродненскага аблвыканкаму заключэнне экспертнай камісіі па выніках вывучэння друкаванага выдання “Асьвечаныя Беларушчынай”, аўтарам якога з’яўляецца праваабаронца і літаратар, палітвязень Алесь Бяляцкі. Пры гэтым сам тэкст экспертызы не быў дасланы, хаця Т. Рэвяка прасіла гэта зрабіць, калі была праінфармавана пра яе прызначэнне.
Нагадаем, што гэта была ўжо другая экспертыза, паколькі першапачатковая не адпавядала законным патрабаванням у сувязі з “адсутнасцю канкрэтных высноваў экспертаў па пытаннях, пастаўленых Ашмянскай мытняй у рашэнні аб прызначэнні мытнай экспертызы” , што было прызнана Дзяржаўным мытным камітэтам, які ініцыяваў паўторную экспертызу.
Згодна з высновамі першай экспертызы, літаратаразнаўчая кніга А. Бяляцкага “можа нанесці ўрон іміджу Рэспублікі Беларусь”. Якія высновы ўтрымліваюцца ў паўторным заключэнні – да гэтага часу невядома. Аднак, як указваецца ў паведамленні, “па выніках правядзення двух мытных экспертыз і на падставе Раздзела 1.3 Адзінага пераліку тавараў, да якіх ужываюцца забароны ці абмежаванні на ўвоз ці вываз дзяржавамі-членамі Мытнага саюзу ў межах Еўразійскай эканамічнай супольнасці” Таццяна Рэвяка павінна прыбыць на працягу 10 працоўных дзён у Ашмянскую мытню для афармлення працэдуры “рээкспарту з мэтай вывазу на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі” 40 асобнікаў кнігі. З таго, што кніга патрапіла ў пералік забароненых выданняў, пералічаных у Раздзеле 3.1, можна зрабіць выснову, што вынікі экспертызы зноў несуцяшальныя (такой забароне падлягаюць выданні, якія заклікаюць да экстрэмісцкай ці тэрырастычнай дзейнасці, утрымліваюць парнаграфію, накіраваныя на прапаганду нацысцкай сімволікі, агітацыйныя выбарчыя матэрыялы, вырабленыя з парушэннем закона, і матэрыялы, якія могуць нанесці шкоду палітычным ці эканамічным інтарэсам, дзяржаўнай бяспецы, здароўю і маральнасці насельніцтва).
Бліжэйшымі днямі Т. Рэвяка з дапамогай калег намерана ў судзе абскардзіць працэдуру прызначэння экспертызы, паколькі адзел ідэалогіі аблвыканкаму не ўпаўнаважаны законам для ажыццяўлення такой дзейнасці. Таксама яна звяртае ўвагу, што згодна з законам эксперт папярэджваецца аб адмііністрацыйнай або крымінальнай адказнасці за дачу заведама фальшывага заключэння пры правядзенні мытнай экспертызы, а каго папярэджвалі пра такую адказнасць з выканкаму -- не гаворыцца ні ў адным з паведамленняў дзяржаўных органаў, што ставіць пад сумнеў саму экспертызу. На час судовага разбіральніцтва будзе прапанавана Ашмянскай мытні прыпыніць выкананне рашэння аб рээкспарце кнігі.
Нагадаем, на пачатку ліпеня 2013 года 40 асобнікаў кнігі А. Бяляцкага "Асьвечаныя Беларушчынай" былі вынятыя беларускімі мытнікамі на памежным пераходзе Каменны лог падчас перавозу ў Беларусь і накіраваны на экспертызу на прадмет утрымання экстрэмісцкіх матэрыялаў.