"Святы, якія абуджаюць нацыянальную самасвядомасць", - так называецца фотавыстава, што адкрылася ў нашым горадзе. На чорна-белых фота прадстаўлена народнае свята "Купалле", якое ў 1987 і 1991 гадах арганізоўвала моладзевая беларуская суполка "Талака". Шчаслівыя асобы, чароўны агонь вогнішча, разнатраўе беларускай прыроды ў самую верхавіну лета на першых жа фота адразу прыцягваюць увагу гледачоў, як бы акунаючы іх у рамантычную купальскую атмасферу, гармонію чалавека і прыроды, гармонію беларускай нацыянальнай культуры і самога жыцця. Уся экспазіцыя глядзіцца на адным дыханні і доўга не адпускае, пакідаючы нейкае пачуццё прасвятлення і судакранання да нечага высокага і сакральнага.
На суседняй сцяне фатаграфіі дня памінання продкаў "Дзяды" ў Курапатах у 1989 годзе. Сярод удзельнікаў акцыі шмат вядомых асоб - Алесь Марачкін, Мая Кляшторная, Віктар Івашкевіч, Валеры Шчукін, Янка Брыль і іншыя. Яны і сотні іншых менш вядомых людзей прыйшлі ў гэтае страшнае месца, каб аддаць даніну памяці бязвінна загінуўшых продкам, паколькі забытая і неўсвядомленая трагедыя мае асаблівасць паўтарацца.
Выстаўка арганізавана Цэнтрам даследавання грамадзянскай супольнасці Беларусі. Усе здымкі выкананы беларускім фатографам Уладзімірам Сапаговым (1952-2012). Выстава адкрыта для ўсіх жадаючых. Знаходзіцца яна па адрасе: вул. Чырвонаармейская, д. 13.