Футбольны клуб “Орша” на дадзены момант займае 6-е месца ў 1-й лізе чэмпіянату нашай краіны. А вось па папулярнасці ў сацыяльнай сетцы Instagram, дзе карыстальнікі абменьваюцца фотаздымкамі з кароткімі гісторыямі, уліковы запіс нашага клуба займае 2-гі радок. Наперадзе толькі “Гомель”. Але і нядзіўна, Гомель у некалькі разоў большы за Оршу, а мясцовы клуб у асноўным гуляў у Вышэйшай лізе, перамагаў у чэмпіянаце Беларусі і заваёўваў Кубак краіны.
У Instagram “Гомеля” 970 падпісантаў, у “Оршы” 748 чалавек. Нават магілёўскі “Дняпро”, досыць папулярны клуб, мае ў дадзенай сацыяльнай сетцы толькі 594 падпісанты. Менскае “Тарпеда” мае 331 падпісанта, праўда, гэта Instagram не самога клуба, а ягоных ультрас, але, улічваючы, што менавіта фанаты доўга ўтрымлівалі клуб і папулярызавалі яго, можна ўключаць гэты запіс у агульны рэйтынг. Таксама свае “інстаграмы” маюць “Смаргонь” і “Слонім”, аднак гэтыя ўліковыя запісы не карыстаюцца вялікай папулярнасцю – ў смаргонцаў 98, у слонімцаў 97 падпісантаў.