Паводле апублікаваных раніцай 14-га ліпеня дадзеных МНС па Аршанскім, Талачынскім і Дубровенскім раёнах за ўчорашні дзень зафіксаваныя адключэнні ліній электраперадачаў, трансфарматарных падстанцыяў, населеных пунктаў, фермаў. У пяці раёнах вобласці (Аршанскі, Талачынскі, Дубровенскі, Віцебскі і Шумілінскі) МНС-аўцы налічылі 152 пашкоджанні дахаў. Па меркаванні аўтараў нашага сайту, гэта заніжаная лічба, бо толькі ў раёне Заходняй мы налічылі парадку двух дзесяткаў пашкоджаных дахаў - без уліку астатняга горада і населеных пунктаў раёна.
У Дубровенскім і Аршанскім раёнах зафіксаваны завалы дарогаў з дрэва. Акрамя таго пажарныя налічылі 10 паваленых дрэваў у Дубровенскім раёне і 63 у Аршанскім, што таксама лічба значна ніжэйшая за рэальнасць. Толькі ў раёне крамы "Ёлачка" было павалена каля сотні дрэваў, без уліку іншых лясных масіваў па Заходняй, дрэваў у прыватных агародах і на вуліцах. Такія дадзеныя ў МНС, відавочна, з-за таго, што далёка не ўсе арганізацыі і жыхары раёна паведамлялі пра свае здарэнні ў службу 101. Дарэчы, паводле зводкі МНС у нашым і суседніх раёнах аніводнага выпадку траўмавання людзей не зафіксавана.
Але варта адзначыць, што ў прынцыпе экстраныя службы і службы горада спрацавалі ў гэтых умовах някепска. Меньш чым праз гадзіну пасля шторму, на вуліцы Молакава пачаліся работы па распілоўцы паваленых дрэваў. МНС абвесціла поўную мабілізацыю сваіх супрацоўнікаў, былі падрыхтаваны перасоўныя аўтаномныя крыніцы электразабеспячэння. Расчыстка дарогаў ад завалаў дрэваў былі скончаны яшчэ ў той жа дзень пасля ўрагану. Дапамагалі кіроўцам застраўшым пры завалах і супрацоўнікі ДАІ.
У час урагану ў Аршанскім раёне адбыўся яшчэ і пажар. А 18 гадзіне ў МНС паступіла паведамленне пра пажар сараю ў вёсцы Пішчалава, у выніку пажару сарай знішчаны. Прычына пажару высвятляецца, але можна меркаваць, што нейкім чынам ён звязаны са штормам. Жыхары Заходняй гавораць і пра пажар у гэтым раёне пасля шторма, але афіцыйнага падцверджання гэтай інфармацыі няма.