12 студзеня такую акцыю хацеў правесці "урач-праўдаруб" Ігар Пастноў. Ён лічыць, што праблема наяўнасці ў міліцы супрацоўнікаў, схільных да гвалту і садызму, сёння вельмі актуальная. Але ягоную заяўку на пікет не задаволіла адміністрацыя Кастрычніцкага раёну. Прычыны забароны акцыі – адсутнасць дамоў з медыкамі, міліцыяй і службамі ЖКГ. Наяўнасць такіх дамоў абавязковая для арганізатараў масавых акцый, калі яны праходзяць па ініцыятыве грамадзян. Гэтае патрабаванне рэгламентавана рашэннем №881 Віцебскага гарвыканкаму. І выканаць яго практычна немагчыма, бо адказныя службы адмаўляюцца заключаць дамовы, пакуль няма дазволу на акцыю ад уладаў. Таму за апошнія 4 гады ў Віцебску не дазволена ніводнай акцыі з усіх, ініцыяваных грамадзянамі і грамадскімі актывістамі.
Ігар Пастноў, які збіраўся правесці аднаасобную маўклівую акцыю ў месцы, адмыслова вызначаным для гэтага ўладамі, лічыць забарону несправядлівай. Ён медык, і заключаць нейкія дадатковыя дамовы з медслужбамі лічыць немэтазгодным. Забруджваць тэрыторыю падчас пікета-рэквіема па ахвярах міліцэйскага гвалту ён не збіраўся. А наяўнасць міліцыі на гэтай акцыі, па ягоным меркаванні, і так абавязковая. Па-першае, пікет ён збіраўся праводзіць 12 студзеня, у выходны дзень у месцы масавага адпачынку гараджан, дзе і так мусяць дзяжурыць міліцэйскія патрулі. Па-другое, сама мэта пікету – пратэст супраць міліцэйскага гвалту, павінна быць актуальнай і для ўсяго міліцэйскага кіраўніцтва, і для шэраговых супрацоўнікаў, якім варта было б падтрымаць прапанову "чысткі" кадравага складу ад асоб, схільных да садызму і гвалту.