Паўтысячы заяваў на кампенсацыю ў сувязі з ураганам падалі аршанцы ў "Белдзяржстрах". Застрахаваная маёмасць вельмі моцна пацярпела падчас магутнага ўрагану. З Шаркаўшчыны страхаўшчыкам прыйшлі 216 заяваў на грашовую кампенсацыю. Прадстаўнікі страхавой агенцыі падазраюць, што гэта пакуль не канец і, магчыма, у бліжэйшы час ім паступіць яшчэ некалькі зваротаў ад пацярпелых ад стыхіі грамадзянаў. Усяго "Белдзяржстрах" атрымаў па краіне звыш 4 тысяч заяваў на кампенсацыю, пераважна з Менскай і Віцебскай абласцей. 1,5 тысячы чалавек ужо атрымалі свае грошы, агульнай сумай 625 тысяч дэнамінаваных беларускіх рублёў (раней - мільёнаў).
Ураган, які пранёсся па-над Оршай, быў мацнейшым у рэгіёне за астатнія 50 гадоў. Ён нанёс шмат шкоды жылым дамам, крамам і лясам, адзін з наймацнейшых удараў прыйшоўся менавіта на Аршанскі раён і горад Орша, яго заходнюю частку.