Орша пасля вызвалення. Рэпрадукцыя карціны 1944 г.
Вуліца Карла Маркса сёння.
На жаль, не захавалася ніводнага фотаздымка тых даваенных дамоў або іх інтэр’ераў. Што казаць, калі немцы за тры гады акупацыі зрабілі фотаздымкаў Оршы (прынамсі вядомых музейшчыкам і калекцыянерам) у некалькі разоў болей, чым за ўвесь папярэдні час.
Восенню 1944 года Караткевічы вяртаюцца з эвакуацыі ў Оршу. “І вось тут упершыню ўбачыў сапраўдны разор, “зону пустыні”, некалькі ўскраінных завулкаў, як канцы галінак ля згаслага вогнішча, – згадваў творца ў аўтабіяграфіі “Дарога, якую прайшоў” (1964 г.). – Гарады, дзе нават руінаў не было. (Немцы разабралі іх на цэглу для абаронных патрэб.) Да голаду і холаду было не звыкаць, але тут, на выпаленай зямлі, так намерзліся, што часам хацелася памерці, абы толькі цябе пахавалі ў печцы”.
Сям’я Караткевіча, згубіўшы ўласнае жыллё, вымушана была здымаць кватэру ў два пакоі ў доме па вуліцы Пралетарскай, побач з могілкамі. Гэта вуліца была адной з тых, што амаль не пацярпелі ў ваеннае ліхалецце. Хоць у маі 1943 года савецкія бомбы трапілі і на могілкі. Праўда, старадаўняя Петрапаўлаўская царква, што была на іх (дарэчы, адна з дзвюх дзеючых у 1939 г. ва ўсёй БССР), уцалела (але будзе зруйнавана ў часы хрушчоўскай барацьбы з рэлігіяй у 1961 г.). Менавіта ў доме яе пасляваеннага старасты Г.С. Марочкі і спыніліся Караткевічы. На жаль, і гэты дом не дайшоў да нашага часу, хоць шмат што з даваеннай забудовы вуліцы захавалася.
Вуліца Пралетарская сёння.
Летам 1946 года бацька У. Караткевіча набыў у адной з вёсак хату і перавёз яе ў Оршу на вуліцу Варашылава (з 1961 па 1987 г. – вуліца Касманаўтаў). Восенню сям’я перабралася ў свой дом. ”Спачатку было не надта цёпла, – успамінала Наталля Сямёнаўна, – палілася адна грубка, але ў роднай хаце, як кажуць, і сцены грэюць. Ды і стаміліся мы за вайну ад чужых кватэр…”
Дом № 10 па вуліцы Караткевіча.
Цяпер гэта дом № 10 па вуліцы Караткевіча. Пра яго вядома і напісана шмат. Летась адзін прадпрымальнік меў намер набыць будынак ў нашчадкаў пляменніцы пісьменніка, якая была апошняй яго гаспадыняй, і зрабіць там музей. Але пакуль гэта задума не ажыццявілася. Будзем спадзявацца, што хоць гэты дом, цесна звязаны з жыццём і творчасцю слыннага сына Беларусі, захаваецца для нашай гісторыі і культуры.
Віктар Лютынскі
Фота аўтара