Чарнігаўская "Зялёная сцэна" - гэта фестываль які ідзе кожную пятніцу з мая па верасень. Але акрамя культурнай праграмы, "Зялёная сцэна" - гэта яшчэ і месца "тусоўкі" на якое збіраюцца актыўныя людзі - грамадскія дзеячы, палітыкі, бізнэсоўцы, журналісты і г.д. Праграма кожнага вечара мае традыцыйны фармат: выстава, музычны выступ нейкага калектыву, лекцыя або майстар-клас і паказ дакументальнага фільма. У такім жа фармаце ў гэтую пятніцу - 29 ліпеня - Аршанскае моладзевае аб'яднанне "Звяз" правядзе на "Зялёнай сцэне" Беларускі дзень прымеркаваны да гадавіны прыняцця дэкларацыі аб незалежнасці нашай краіны.
Звязаўцы прывязуць з сабой дзве фотавыставы "Нацыянальныя святы канца 1980-х - пачатку 1990-х гадоў" і "Орша 1991". У музычный частцы выступіць гурт "Лепшы квас", лекцыю на тэму "Беларусь сучасная. Што адбываецца і чаму" прачытае намеснік старшыні "Звяза" Ігар Казмерчак. А рэжысёр Віктар Траццякоў прэзентуе свой фільм "Орша 1991". Фотарэпартаж і відэа з мерапрыемства можна будзе пабачыць на нашым сайце ўжо ў хуткім часе.